2023 г. — 205 гадоў з часу пабудовы Вазнясенскай царквы ў в. Ляхавічы (Іванаўскі р-н; 1818), помніка архітэктуры драўлянага дойлідства
У в. Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1818 г. на сродкі мясцовага памешчыка Дабранскага была пабудавана Вазнясенская царква. Паводле апісання 1879 г. Ляхавіцкі храм знаходзіўся за 250 аршын ад сяла, меў гонтавы дах, адзін рад вокнаў, глухі купал і званіцу ў франтоннай частцы. Дашчатая столь падтрымлівалася чатырма драўлянымі слупамі.
Архітэктура помніка традыцыйная для палескага рэгіёна. Царква трохзрубная, вырашана васьмігранным аб’ёмам, да якога далучаны прамавугольны бабінец і пяцігранная апсіда, да яе з паўночнага боку прыбудавана невялікая рызніца. Агульны гонтавы дах завершаны па цэнтры васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. На галоўным фасадзе трохвугольны франтон. Вертыкальна ашаляваныя сцены апяразаны прафіляваным карнізам і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.